Да Міжнароднага дня роднай мовы на гісторыка-філалагічным факультэце была прымеркаваная літаратурная вечарына з удзелам вядомых магілёўскіх пісьменнікаў Яраслава Клімуця і Сяргея Украінкі.

«Літаратура — гэта найперш аўтары і мастацкія творы, — звяртаючыся да студэнцкай моладзі заўважыў Сяргей Украінка. — Часам, уяўляецца тое, што пісьменнікі жывуць у іншай рэальнасці, а іх творчасць — гэта крыніца выключна нябеснага натхнення. На самой справе, паэты і пісьменнікі жывуць гэтакімі ж клопатамі, падарожнічаюць у тралейбусах і маршрутках, а вершы і прозу пішуць з нагоды пэўных здарэнняў, якія маюць выключна зямное паходжанне». Сяргей Украінка прачытаў вершы са свайго зборніка «9 гранаў». Асабліва ўразіла моладзь гісторыя Святога Мікалая, які нібыта прызямліўся «сівагракам» у раён Падміколля і меў дыялог з мясцовым жыхаром. Крануў аўдыторыю верш «Замова пра мову», у якой паэт заклікаў моладзь не адварочвацца ад беларускай мовы, часцей звяртацца да яе ў побыце, падчас навучання ва ўніверсітэце. Былы дэкан магілёўскага філфака, вядомы літаратуразнаўца і пісьменнік Яраслаў Клімуць распавёў студэнтам пра народных паэтаў Беларусі Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна, прачытаў вядомую сатырычную паэму Ніла Гілевіча «Сказ пра Лысую Гару». «Паэтычнае слова нараджаецца ў сэрцы, сягае да самых глыбінь чалавечай душы, — падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з пісьменнікамі былы выкладчык універсітэта Пётр Мікалаевіч Камкоў. — Выдатна, на маю думку, ужо тое, што моладзь знаходзіць час, каб паслухаць сапраўдныя вершы, сапраўднае мастацкае слова. Падобныя сустрэчы, безумоўна, узбагачаюць і творцаў, і іх слухачоў».


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь