Сакрэтамі журналісцкага майстэрства падзяліўся са студэнтамі гісторыка-філалагічнага факультэту МДУ імя А. А. Куляшова вядучы інфармацыйных выпускаў «Радыё Магілёў» Міхаіл Вараб’ёў. Сустрэча з ім адбылася ў межах праекту «Падземка» 18 лістапада.

На сустрэчу з Міхаілам Вараб’ёвым прыйшлі перадусім тыя, хто прызвычаіўся чуць яго голас па радыё, але ніколі не бачыў на ўласныя вочы. Сапраўды, голас Міхаіла —своеасаблівая візітоўка «Радыё Магілёў». Студэнтаў, зразумела, цікавіла тое, як ад уласнага голасу дабіцца гэтакага ж прафесійнага, радыйнага гучання. «Трэба трэніравацца!», — адзначыў госць «Падземкі», падкрэсліўшы тое, што вядучы радыё мусіць не толькі добра вымаўляць гукі, але і аднолькава добра валодаць дзяржаўнымі мовамі. На жаль, мадэратары праекту звярнуцца да беларускай мовы падчас гутаркі з Міхаілам не рызыкнулі. Яшчэ адна тэма — навіны. Дзе іх шукаць, што лічыць навіной і, самае галоўнае, як правяраць інфармацыю? На ўсе гэтыя пытанні Міхаіл Вараб’ёў даў экспертныя адказы. Спецыфіка радыё, па яго словах, заключаецца ў імклівым рэжыме працы. «Даводзіцца імгненна рэагаваць на тыя або іншыя падзеі. Часу заўжды не стае. Трэба ўмець працаваць хутка і якасна, што не заўжды лёгка ўдаецца зрабіць». Міхаіл скончыў філфак нашага ўніверсітэту і пасля размеркавання патрапіў у шклоўскую газету «Ударны фронт». Затым журналісцкія шляхі прывялі яго на радыё. «Ці лёгка было ўладкавацца?», — запыталіся ў яго студэнты. «Лёгкага нічога ў жыцці няма, — адказаў Міхаіл. — Трэба быць настойлівым і шмат працаваць над сабой». Высветлілася таксама тое, што Міхаіл — аўтар праекту на радыё, мэта якога — распавесці пра нацыянальныя беларускія стравы. «Распавядаю не толькі пра кухню, але і пра гісторыю, культуру нашага народа. Даводзіцца шмат чытаць, вышукваючы прабабуліны рэцэпты. Але чым больш паглыбляешся ў гэту тэму, ты больш робіцца цікава», — заўважае журналіст.


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь