Учора ўніверсітэцкую «Падземку» наведала Алена Барысава — асоба, добра знаёмая ўсім гараджанам па інфармацыйным выпускам тэлеканала «Магілёў – 2». У размове са студэнтамі і выкладчыкамі яна закранула актуальныя тэмы журналісцкай этыкі, ролі СМІ ў жыцці сучаснага грамадства.

З Аленай Барысавай у нашым горадзе звязана шмат станоўчага. Галоўны рэдактар інфармацыйнай службы «Магілёў – 2» не толькі паведамляла пра такія гучныя падзеі, як адбудова Ратушы, рэстаўрацыя фарнага касцёла, але і прымала чынны ўдзел амаль ва ўсіх грамадскіх абмеркаваннях і праектах. Вядома, Алене Дзмітрыеўне было што распавесці будучым журналістам. Маладыя людзі, у сваю чаргу, назапасілі шмат пытанняў. Якія жыццёвыя клопаты падштурхнулі пайсці на тэлебачанне? Чым адрозніваецца журналістыка ў ЗША ад айчыннай журналістыкі? Якія падзеі ў прафесійнай кар’еры спадарыня Алена лічыць найбольш драматычнымі? Падчас размовы выявілася шмат цікавых акалічнасцей. Пачынала Алена Барысава з рэкламы, а на тэлебачанне патрапіла выпадкова. «Мімаходзь заўважыла працэс рэстаўрацыі Святога Станіслава. Вырашыла, што гэтая тэма будзе цікавай і паспрабавала зрабіць рэпартаж», — згадвае суразмоўца. Наогул, навіны, на яе думку, могуць узнікаць нечакана, літаральна, з нічога. «Навін няма толькі там, дзе няма журналістаў», — падкрэслівае Алена Барысава. Ці адрозніваюцца падыходы да журналістыкі ў ЗША і Беларусі? І так, і не… Усё ж прафесія адна і тая ж. І вымагае яна падобных метадаў працы. Аднак усё ж істотна тое, што амерыканцы пачынаюць працоўны дзень а 6-й гадзіне раніцы і завяршаюць яго блізка да апоўначы. А яшчэ амерыканцы больш адказныя, бо ў гэтай краіне існуе практыка судовага пераследу за хлусню ў СМІ. Драматычных падзей у кар’еры Алены Барысавай хапала. Гэта і ўдалая спроба адстаяць падмуркі касцёла Святога Ксаверыя ў Магілёве, і вайна за парк Горкага, якая, на жаль, не была настолькі паспяховай. «Грамадзянская пазіцыя журналіста павінна праяўляцца ў кожным яго матэрыяле. Не дэкларавацца, а менавіта праяўляцца — у выбары тэмы, суразмоўцы, у растаноўцы акцэнтаў», — падкрэслівае вядомы магілёўскі журналіст.

Фота: Віктар Жабыка


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь