21 лютага ва ўсім свеце святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы. МДУ імя А. А. Куляшова падтрымлівае традыцыі і арганізуе знакавыя мерапрыемствы, прысвечаныя святу.
Напярэдадні свята ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна 20 лютага 2025 года прайшло ўрачыстае мерапрыемства «Размаўляй са мной па-беларуску», арганізатарамі якога выступілі Магілёўская абласная натарыяльная палата, члены Савета маладых натарыусаў Магілёўскай натарыяльнай акругі і бібліятэка. У мерапрыемстве прынялі ўдзел выкладчык кафедры славянскай філалогіі М. А. Самсонава і студэнты 4 і 1 курсаў гісторыка-філалагічнага факультэта М. Садоўская, Г. Кармызава і М. Казлова.
Студэнты 1 і 4 курсаў гісторыка-філалагічнага факультэта спецыяльнасцей «Філалагічная адукацыя (Беларуская мова і літаратура)», «Беларуская мова і літаратура» прынялі ўдзел у сяброўскім мерапрыемстве, арганізаваным з нагоды Міжнароднага Дня роднай мовы кафедрай тэорыі і методыкі пачатковай адукацыі факультэта пачатковай і музычнай адукацыі.
21 лютага студэнты 1 курса гісторыка-філалагічнага факультэта спецыяльнасцей «Філалагічная адукацыя (Беларуская мова і літаратура)», «Філалагічная адукацыя (Руская мова і літаратура)» пабывалі на літаратурным часе «Дала мне маці гэту мову», падрыхтаваным студэнцкім саветам МДУ імя А. А. Куляшова, старшакурснікамі і выкладчыкамі. У. В. Ясеў пазнаёміў слухачоў са сваімі вершамі, студэнты таксама прачыталі свае любімыя творы і ўласныя вершы, пранікліся духам роднай меладычнай мовы, нашай спадчыны.
Студэнты 1 курса гісторыка-філалагічнага факультэта спецыяльнасці «Філалагічная адукацыя (Беларуская мова і літаратура)» у межах вывучэння дысцыпліны «Практыкум па беларускай мове» пісалі дыктоўку па-беларуску.
Падчас педагагічнай практыкі ў ДУА «СШ №21 г. Магілёва» студэнты 3 курса спецыяльнасці «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» разам з вучнямі 10 «А» класа ў фае школы арганізавалі конкурсы і віктарыны як для школьнікаў, так і для настаўнікаў. У адрас мовы гучалі самыя добрыя і шчырыя словы.
24 лютага студэнты 2 курса спецыяльнасці «Філалагічная адукацыя (Руская мова і літаратура)» правялі інтэлектуальную гульню на тэму «Адкрый Беларусь» для 9 «В» класа. Мерапрыемства было накіравана на паглыбленне ведаў аб краіне, яе культуры, мове, гісторыі і прыродзе. Інтэлектуальная гульня не толькі дазволіла паўтарыць ужо вядомыя факты, але і даведацца шмат новага пра сваю краіну!
25 лютага студэнты 3 курса спецыяльнасці «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» сярод вучняў малодшых класаў правялі эстафету «Загадкі па-беларуску», чыталі вершы беларускіх паэтаў, гучалі сучасныя беларускія песні.
Маладое пакаленне шануе сваю Радзіму і вялікае магутнае беларускае слова!