З нагоды 420-годдзя Берасцейскай царкоўнай уніі сёння на гісторыка-філалагічным факультэце МДУ імя А. А. Куляшова быў арганізаваны круглы стол з удзелам студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і выкладчыкаў.

«Нават сёння, на вялікай гістарычнай адлегласці, навуковая грамадскасць ставіцца да Берасцейскай уніі досыць неадназначна, — на адкрыцці круглага стала заўважыў прафесар, кандыдат гістарычных навук Пётр Фролавіч Дзмітрачкоў. — Некаторыя Унію разумеюць як каталіцкую экспансію на традыцыйна праваслаўныя землі. Аднак існуе і супрацьлеглае меркаванне, згодна з якім менавіта ў межах уніяцтва выспявала беларуская ідэнтычнасць». Па словах гісторыка, у сувязі з Берасцейскай уніяй заўжды паўставалі прынцыповыя пытанні: па-першае, каму спатрэбілася Унія; па-другое, якія наступствы для беларусаў і цяперашніх украінцаў яна мела? Адказваючы на першае пытанне, вядомы расійскі гісторык Васіль Ключэўскі знаходзіў вінаватых у Ватыкане і сярод польскай магнатэрыі. Маўляў, гэта яны пашыралі, дзякуючы Уніі, свой уплыў на славянскі ўсход. Аднак, як заўважыла кандыдат гістарычных навук, дацэнт Тамара Уладзіміраўна Апіок, паступова расійская гістарыяграфія адмаўляецца ад гэтага меркавання. Напрыклад, у манаграфіі М. Дзмітрыева «Паміж Рымам і Царградам» прычына ўзнікнення Уніі бачыцца ва ўнутраным крызісе праваслаўнай царквы, якую некаторыя даследчыкі называюць крызісам росту. Пра тое, як у свой час апраўдвалі Унію яе гарачыя прыхільнікі — спавядальнік Жыгімонта ІІІ і рэктар Віленскай езуіцкай акадэміі Пётр Скарга і ўніяцкі мітрапаліт Іпацій Пацей — распавёў прарэктар па навуковай рабоце, дацэнт, кандыдат філасофскіх навук Віктар Уладзіміравіч Старасценка. Зрэшты, самы галоўны аргумент быў такі: Унія патрэбна, каб паспяхова супрацьстаяць пратэстантызму, які няўмольна і агрэсіўна сунуўся з Еўропы на землі Вялікага княства. Пётр Скарга не без падстаў даводзіў тое, што праваслаўныя русіны пасля падзення Канстанцінопаля засталіся без багаслоўскай падтрымкі, па гэтай прычыне нічога не маглі супрацьпаставіць адукаваным і спрактыкаваным у дыскусіях пратэстантам. Вядомы езуіцкі дзеяч разглядаў аб’яднанне «схізмы» і касцёла як справу цалкам натуральную і нават заканамерную. Важна было таксама і тое, што Унія аб’ядноўвала не толькі вернікаў дзвюх канфесій, але і грамадзян адной краіны — Рэчы Паспалітай. Кажучы пра наступствы Уніі, Тамара Апіок звярнула ўвагу на тое што і сёння на тэрыторыі Беларусі і Украіны існуюць грэка-каталіцкія прыходы. Ці адбілася Унія ў гісторыі нашых народаў? Адказ у ходзе круглага стала быў дадзены адназначны: так, надзвычай моцна паўплывала на гісторыю беларусаў і ўкраінцаў. А вось ужо са знакам «плюс» ці «мінус» быў гэты ўплыў навукоўцы прапанавалі вырашаць кожнаму самастойна, сыходзячы з жыццёвага досведу і набытых ведаў.

Фота: Ілля Жартун


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь