У межах праекта «Падземка» студэнты і запрошаныя эксперты абмеркавалі адлітых у бронзе 4-х львоў, якія неспадзявана для большасці гараджан з’явіліся на адбудаваным мосце праз р. Днепр.

На гэты раз у госці да маладых журналістаў завіталі скульптар Андрэй Вараб’ёў, гісторыкі Аляксандр Агееў, Алег Дзьячкоў і пісьменнік, навуковец, выкладчык Яраслаў Клімуць. Мадэратары праекта Наталля Сцепуценка і Серафім Юрчанка звярнулі ўвагу прысутных на тое, што пра ўсталяванне скульптур львоў у г. Магілёве напісалі спрэс усе абласныя і гарадскія газеты, справаздачы змясцілі БЕЛТА, АНТ, СТВ і інш. Больш таго, пошукавая сістэма Google побач з хэштэгам «Магілёў» пачала выдаваць хэштэг «львы». «Хто з’яўляецца аўтарам гэтага гучнага праекта?» — запыталася Наталля Сцепуценка. Слова ўзяў скульптар Андрэй Вараб’ёў. Вынікла тое, што ідэя стварэння скульптур належыць мэру нашага горада Уладзіміру Міхайлавічу Цумараву. «Зрэшты менавіта мэр быў галоўным рухавіком праекта, — распавядае Андрэй Вараб’ёў. — Я адбіў ідэю ў бронзе. Працэс стварэння скульптур быў даволі складаным. Давялося пазнаёміцца з братамі Запашнымі, наведаць іх выхаванцаў. Адзін з львоў Запашных, па мянушцы Джон, і зрабіўся прататыпам для магілёўскіх скульптур». Жыхары горада ў сацыяльных сетках адзначылі залішнюю, на іх погляд, натуралістычнасць львоў — скульптар паўтарыў усе анатамічныя прыкметы драпежніка. На што Андрэй Вараб’ёў заўважыў: «Я імкнуўся адлюстраваць льва такім, які ён ёсць у прыродзе. Ніякіх іншых задач перад сабой не ставіў». Таксама Андрэй Вараб’ёў паведаміў пра тое, што кожны «забранзавелы» леў мае ўласнае імя (Уладзімір, Аскольд, Андрэй, Эдгар) і немалы кошт — агулам на чатыры скульптуры выдаткавана каля 2 мільярдаў рублёў. Унутры скульптуры — полыя, як зрэшты і ўсе астатнія бронзавыя скульптуры ці помнікі. Якасць матэрыялаў, дарэчы, такая, што тэрмін іх беззаганнага захоўвання — каля 500 год. На пытанне мадэратараў, чаму менавіта львы апынуліся над хвалямі Дняпра, адказаў Аляксандр Агееў. Перадусім ён згадаў версію паходжання назвы нашага горада, занатаваную летапісцам Суртой і пашыраную вядомым гісторыкам і краязнаўцам Ігарам Аляксандравічам Пушкіным. Нібыта ў ваколіцах будучага Магілёва жыў вялізны леў, апошні ў Еўропе, з якім і звязана гісторыя ўзнікнення назвы нашага горада: «магіла льва». «Аднак, канешне, гэтая версія — не больш, чым легенда, і сур’ёзна ставіцца да яе нельга. Гэтак жа сама як непажадана разглядаць льва ў якасці брэнда нашага горада», — выказаў меркаванне Аляксандр Агееў. Гэту думку падтрымалі Яраслаў Клімуць і Алег Дзьячкоў, якія падкрэслілі тое, што магілёўскія львы, на жаль, не ўнікальныя. «Ёсць львы ў Віцебску, Гданьску, Пецярбурзе… І гэты пералік гарадоў можна працягваць бясконца, — кажа Алег Дзьячкоў. — У Магілёве ж існуюць уласныя сімвалы, напрыклад, Машэка — магілёўскі (хутчэй за ўсё!) рабаўнік, апаэтызаваны у вядомай купалавай паэме». Падчас размовы госці «Падземкі» закранулі актуальную для абласнога цэнтра праблему захавання архітэктурнай спадчыны, вяртання гістарычных назваў вуліцам і плошчам. Агульны вынік размовы такі: львы сапраўды ўпрыгожылі горад, але не вычарпалі патэнцыял рэканструкцыі старога месца, магчымага аднаўлення касцёлаў, цэркваў, кляштараў.

Фотаздымкі: Наталля Юранкова

 


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь