Беларуская перадкалядная вечарына адбылася ўчора на гісторыка-філалагічным факультэце МДУ імя А. А. Куляшова. Студэнты танчылі, спявалі, чыталі вершы класікаў беларускай літаратуры.

Малая харавая зала не змясціла ўсіх жадаючых дакрануцца да беларускай культуры. Прыйшлі як выкладчыкі, так і студэнты. «Каляды — гэта цудоўны перыяд, які дазваляе людзям пакінуць будзённыя клопаты і, хоць на нейкі час, пабыць разам, паспяваць, патанчыць, — распавядае арганізатар вечарыны, дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Марына Іванаўна Чмарава. — Я лічу, што сённяшняй моладзі дужа не стае размоў сам-насам, непасрэдных зносін. Большасць студэнтаў, нават седзячы ў адной аўдыторыі, перапісваюцца праз інтэрнэт. Таму галоўны дэвіз вечарыны: „Не гаджэтам! Так — жывой чалавечай гутарцы!“. Другая, больш важная, задача, якую мы перад сабой ставілі, гэта пазнаёміць студэнтаў з сучаснай беларускай песеннай культурай, літаратурай. Сёння прагучаць спевы вядомых гуртоў — такіх, як, напрыклад, N.R.M.» Падчас вечарыны гучалі песні на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Ніла Гілевіча, Пімена Панчанкі… Калі пачалі выконваць вядомую купалаўскую песню «Хто ты гэткі?» зала заспявала хорам. Настолькі пранікнёнымі і актуальнымі падаліся словы гэтага музычнага твора. Надзвычай расчуліла знакамітая кампазіцыя «Песняроў» «А я лягу прылягу…» (верш Ніла Гілевіча). Адбылася падчас вечарыны і песенная прэм’ера. Студэнт 4 курса гісторыка-філалагічнага факультэта Ілля Жартун праспяваў байку Кандрата Крапівы «Дыпламаваны баран…». Нягледзячы на тое, што літаратурная аснова песні ўтрымлівае ў сабе з’едлівы сарказм, байка прагучала нечакана лірычна. «Гэты твор памятаю яшчэ са школы, — кажа Ілля. — Чамусьці вобраз галоўнага героя — дурнаватага барана — у мяне выклікаў не смех, а шкадаванне. Шкада было пыхлівага невука, які не мог адэкватна ўспрымаць рэальнасць. Неяк сама па сабе ўзнікла ідэя праспяваць байку». Асобным этапам вечарыны зрабіліся беларускія народныя танцы. Будучыя супрацоўнікі СМІ цудоўна выканалі танец «Грачанікі», запрасіўшы далучыцца ўсіх жадаючых. Своеасаблівы майстар-клас прадэманстравалі Алена Быкава і Марыям Табагары. Таксама госці вечарыны паспелі паўдзельнічаць у некалькіх літаратурных конкурсах. Знаўцы беларускай літаратуры атрымалі прызы — цукеркі, цацкі для каляднай елкі, філіжанкі і талеркі з выявай гербу наша горада.

Фота: Дзяніс Яўсеенка


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь