Сустрэча з беларускім драматургам Сяргеем Кавалёвым адбылася 24 сакавіка на гісторыка-філалагічным факультэце МДУ імя А. А. Куляшова. Мерапрыемства падрыхтавалі студэнты 4 курса спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» сумесна з прафесарам кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый А. М. Макарэвічам.

Сяргей Кавалёў — доктар філалагічных навук, драматург, прафесар універсітэта імя Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне. Яго п’есы ставіліся ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіне, Славакіі. Драматургічныя творы Сяргея Кавалёва «Стомлены д’ябал», «Тарас на Парнасе», «Чатыры гісторыі Саламеі», «Францішка, або Навука кахання» і іншыя сталі часткай яго творчага герменеўтычнага праекта. Цяперашні прыезд драматурга ў Магілёў звязаны з яго ўдзелам у працы міжнароднага маладзёжнага форуму «М@рт-кантакт». Да мерапрыемства была падрыхтавана прэзентацыя жыцця і творчай дзейнасці Сяргея Кавалёва, а таксама выстава выданняў яго навуковых прац і мастацкіх твораў. Пасля знаёмства з прэзентацыяй творчай дзейнасці драматурга ўдзельнікі імпрэзы мелі магчымасць пазнаёміцца з яго п’есай «Юдзіф», якую прачытаў сам аўтар. Сяргей Кавалёў адзначыў тое, што прысутныя на імпрэзе з’яўляюцца першымі слухачамі гэтай п’есы. Раней з ёй пазнаёміліся толькі сябры журы конкурсу па стварэнні твораў для драматычнага тэатра «Францыск Скарына і сучаснасць» (2016), дзе п’еса перамагла ў намінацыі «Сцэнічная ідэя». Пасля чытання п’есы студэнты актыўна задавалі пытанні як пра творчую дзейнасць Сяргея Кавалёва, так і пра толькі што праслуханы твор. Па заканчэнні імпрэзы яе ўдзельнікі мелі магчымасць сфатаграфавацца з драматургам, а таксама атрымаць яго аўтограф. «Сённяшняя сустрэча з Сяргеем Кавалёвым — гэта важная частка прафесійнай адукацыі будучых настаўнікаў беларускай літаратуры, — адзначыў А. М. Макарэвіч. — У час яе падрыхтоўкі студэнты не толькі шырока пазнаёміліся з творчасцю пісьменніка, а і засвоілі адну з форм пазакласнай работы па прадмеце. Акрамя гэтага, усе падрыхтаваныя студэнтамі матэрыялы могуць быць выкарыстаны ў будучай іх прафесійнай дзейнасці».

Вераніка Бабіч, Драшакова Вікторыя


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь