Печать

Дзень роднай мовы

Тыдзень роднай мовы прайшоў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова з 19 па 24 лютага. У межах Тыдня праходзіла шмат цікавых, арыгінальных мерапрыемстваў. У іх ліку хочацца асабліва адзначыць тыя, якія праводзіліся на гісторыка-філалагічным факультэце.

23 лютага студэнты розных факультэтаў прынялі ўдзел у адукацыйнай акцыі — напісанні дыктоўкі на беларускай мове. Паводле слоў арганізатараў, самымі актыўнымі яе ўдзельнікамі былі першакурснікі. Праўда, і студэнты іншых курсаў не засталіся абыякавымі і таксама прыйшлі падтрымаць акцыю.

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў адбылося 22 лютага, падчас традыцыйнага мерапрыемства, прысвечанага Дню роднай мовы. Смачныя дранікі і аладкі, песні на роднай мове, танцы, вясёлыя конкурсы і чытанні вершаў — усё самае лепшае было для гасцей.

Сярод гасцей свята быў і дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта У. В. Барысенка, які пацвердзіў, што адзначаць такія падзеі неабходна, карысна і важна, бо гэта дапамагае далучыць маладое пакаленне да роднай мовы. Загадчык кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства В. М. Шаршнёва заўважыла, што ўрачыстасці да Дня роднай мовы праводзяцца на факультэце ўжо не першы раз і штогод пашыраецца на іх колькасць удзельнікаў і гасцей.

Станкевіч В., Філімоненка В., Якімава А.,
студэнты 1 курса гісторыка-філалагічнага факультэта