Падарожжа ў дом-музей Янкі Купалы «Ляўкі» здзейснілі студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ імя А. А. Куляшова. У мінулую пятніцу будучыя супрацоўнікі друкаваных СМІ аддалі даніну павагі Народнаму паэту Беларусі, а таксама наведалі надзвычай маляўнічыя куточкі Аршаншчыны.

Ляўкі — гэта лецішча паэта. Тут, у другой палове 30-х гг., Янка Купала адпачываў ад жыццёвых клопатаў і, канешне, пісаў вершы. Менавіта ў Ляўках з-пад пяра Купалы паўстаў цыкл паэтычных твораў, прысвечаных жыццю калгаснікаў. Тут быў напісаны і любімы Юрыем Гагарыным верш «Хлопчык і лётчык»… У Ляўках Янка Купала адчуваў сябе ўтульна, камфортна. І зараз усё ў гэтых мясцінах нагадвае пра паэта, дыхае беларускай літаратурай… Нездарма ў студэнтаў-філолагаў Магілёўскага ўніверсітэта ўжо колькі год існуе добрая традыцыя — пачынаць навучанне з наведвання сядзібы Купалы.

Традыцыя не парушаная і сёлета… Даехаўшы да станцыі «Копысь», студэнты пешшу накіраваліся ў Ляўкі. Па мосце праз Днепр пераадолелі адміністрацыйную мяжу паміж Магілёўскай і Віцебскай вобласцю, зазірнулі на Пятроў вал, з задавальненнем фатаграфаваліся на фоне прыгожых дамкоў старога беларускага мястэчка. Наогул, гарадскі пасёлак Копысь пакінуў уражанне прыдняпроўскай Швейцарыі — акуратныя вулачкі, усюды чысціня і парадак, ветлівыя добразычлівыя людзі. Дарога ад станцыі да музея заняла крыху больш за гадзіну. Сустрэча з Ляўкамі пачалася з невялікага расчаравання — на жаль, экспазіцыя музея зараз знаходзіцца на рэканструкцыі. Праўда, вялікага гора з таго не вынікла — дапамаглі супрацоўнікі музея, якія правялі пазнавальную экскурсію. Убачылі студэнты і помнік Купале, і адрэстаўраваны дамок, і нават машыну маркі «Шэўрале». Яе паэту падараваў беларускі ўрад. Застанецца ў памяці і пакручасты, парослы дрэвамі бераг Дняпра насупраць купалавага лецішча. З вышыні птушынага палёту ў пагодны кастрычніцкі дзень відно далёка наперад — здавалася, з-за краю лесу паўставалі нават дахі александрыйскіх дамоў. На развітанне студэнты казалі Купале: «Да сустрэчы!». Прыгажосць, уласна сама атмасфера Ляўкоў прымушалі думаць пра хуткае вяртанне… Як заўжды гэта бывае, адваротны шлях уяўляўся карацейшым. Па дарозе зазірнулі на былы керамічны завод — некалі слава пра яго разыходзілася далёка за межамі Беларусі. Сёння на яго месцы — майстэрня. Можна не толькі паглядзець, як уручную вырабляюцца гарлачы, кубачкі, куфлі і іншыя кухарскія прылады, але і самаму паспрабаваць гліняны смак прафесіі ганчара. Дарэчы, студэнты настолькі былі ўражаныя майстэрствам мясцовых ганчароў, што не забыліся сёе-тое ў іх набыць. Уразіў і вакзал станцыі «Копысь» — па прыгажосці, утульнасці ён не саступае магілёўскаму. Час ад Копысі да абласнога цэнтра займае таксама крыху больш за гадзіну, аднак ён амаль не заўважаецца — настолькі прыгожыя краявіды за вокнамі аршанскага дызеля.


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь