Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры адбыўся ў гэтым годзе ў Лідзе традыцыйна падчас вясенніх канікул — з 29 сакавіка па 2 красавіка. На інтэлектуальнае спаборніцтва з’ехалася 127 вучняў з усіх куткоў краіны. Калегію журы па беларускай мове і літаратуры ўзначаліла намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, дацэнт Вольга Уладзіміраўна Зелянко.
Хваляванне, напружанне розуму, жаданне паказаць найлепшыя вынікі — няпросты быў тыдзень для школьнікаў з усіх куткоў Беларусі. Складана было і членам журы. Аднесціся справядліва да кожнага, выбраць з вялікага мноства сапраўды дастойных работ самую лепшую — сур’ёзная адказнасць.
Пісьмовы водгук на літаратурны твор, комплексная работа па мове і літаратуры — вось прыступкі да перамогі. І заўсёды балюча і крыўдна, калі ад жаданага дыплома цябе аддзяляе нават не бал, а ўсяго толькі паўбала або яшчэ больш дробная яго дзясятая частка…
А вынікі працы падводзіліся ў пятніцу, 2 красавіка. Вучні Магілёўскай вобласці паказалі цудоўны вынік, падзяліўшы годнае 2-е месца з камандай г. Мінска. Першае на гэты раз дасталося Гомельскай вобласці.
Пандэмія ўнесла свае значныя карэктывы ў правядзенне алімпіяды. З мэтай максімальнага зніжэння кантактавання быў адменены трэці тур спаборніцтва — вуснае выказванне. Не прымалі ўдзел у конкурсе вучні з Літвы і Польшчы. А яшчэ атмасферу свята некалькі прыглушала адсутнасць урачыстага адкрыцця і закрыцця мерапрыемства.
Але, тым не менш, несумненна, што кожны пакінуў Ліду багацейшым. Багацейшым на новы вопыт, новых сяброў, на знаёмства з новым горадам. У выйгрышы аказаўся кожны з удзельнікаў, незалежна ад таго, колькі балаў ён набраў, бо ўражанні ад удзелу ў заключным этапе алімпіяды застаюцца на ўсё жыццё.
Вольга Шаршнёва