Печать

На працягу апошніх дзён красавіка і ўсяго мая кафедра агульнага і славянскага мовазнаўства гісторыка-філалагічнага факультэта праводзіла Дні кафедры, да ўдзелу ў якіх былі запрошаны ўсе жадаючыя. Распачаліся мерапрыемствы ў літаратурна-мастацкім салоне факультэта, дзе студэнты-першакурснікі спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» разам са сваім куратарам Т. В. Масейчук арганізавалі круглы стол «Мова — гэта стылёва!». Удзельнікі падзяліліся сваімі думкамі адносна запатрабаванасці беларускай мовы ў сучасным грамадстве. Атрымалася цікава і пазнавальна!

Для студэнтаў першага курса спецыяльнасці «Руская мова і ліатаратура» А. А. Балтоўскай была арганізавана тэматычная дыктоўка «Ваяж менеджара». Пераможцай стала Анастасія Куц. Віншуем!

6 мая студэнты першага (спецыяльнасць «Руская мова і літаратура») і другога (спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура») курсаў разам з куратарамі Т. А. Кажурынай і І. М. Ячмянёвай наведалі абласны краязнаўчы музей, дзе пазнаёміліся з асаблівасцямі побыту першабытнага чалавека, а таксама прынялі ўдзел у майстар-класе па лепцы глінянага і керамічнага посуду. Падзяка супрацоўнікам музея і экскурсаводу!

У гэты ж дзень адбылося чарговае пасяджэнне літаратурнага аб’яднання «Натхненне» пад кіраўніцтвам Н. А. Міхальчук. Удзельнікі паэтычнай гасцёўні яшчэ раз пераканаліся, што творчасць — гэта мастацтва, немагчымае без чарнавікоў: першы варыянт верша ніколі не бывае адзіным. Наталля Аляксандраўна правяла аналіз вершаў юных паэтаў, тактоўна ўказала на распаўсюджаныя памылкі, падказала, як можна іх пазбегнуць. Не абышлося і без салодкага, дзякуючы студэнцкаму прафкаму. За кубачкам гарбаты студэнты абмяркоўвалі праблемы сучаснай літаратуры, віншавалі пераможцаў творчых конкурсаў 2020–2021 гг.: Я. Лосеву, Я. Нікіценка, А. Мытнік, А. Самусева, Т. Журко, Д. Лабзіну. Віншуем і мы! Жыві, «Натхненне»!

18 мая Т. С. Вараб’ёва арганізавала для замежных студэнтаў 3 курса інтэлектуальную гульню «Што? Дзе? Калі?». Дзве каманды, «Зорка» і «Луна», уступілі ў спаборніцтва на лепшае веданне рускай мовы, абрадаў і звычаяў Беларусі і Туркменістана. Удзельнікі гульні пазнавалі знаёмыя мелодыі і называлі выбітных асоб, што праславілі нашы краіны. Не абышлі ўвагай і балельшчыкаў — для іх арганізавалі асобнае спаборніцтва. Перамагла каманда «Луна», але, напэўна, галоўнае не гэта, а добры настрой, новыя ўражанні, азарт. Усе засталіся задаволеныя!

Напрыканцы мая на старонцы кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства намаганнямі нашых выпускнікоў спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» (пад кіраўніцтвам Д. А. Карпечкінай) з’явіўся новы раздзел «Старонкі памяці», прысвечаны супрацоўнікам, якіх ужо няма з намі… Помнім і ганарымся!

01.jpg 02.jpg 03.jpg

04.jpg 05.jpg 06.jpg

07.jpg 08.jpg