У МДУ імя А. А. Куляшова адбылася творчая імпрэза, прысвечаная памяці Народнага паэта БССР Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, імя якога носіць наш універсітэт. Мерапрыемства падрыхтавана студэнтамі трох факультэтаў — пачатковай і музычнай адукацыі, гісторыка-філалагічнага і факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства пад кіраўніцтвам намеснікаў дэканаў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце. Адкрыла імпрэзу Старшыня пярвічнай арганізацыі МДУ імя А. А. Куляшова ГА «Беларускі саюз жанчын» А. А. Башаркіна, дэкан факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. Яна звярнула ўвагу на асаблівую актуальнасць творчасці А. Куляшова ў Год беларускай жанчыны. Перад прысутнымі таксама выступілі намеснікі дэканаў І. М. Ячмянёва, Т. І. Борбат і Ю. В. Алянькова, адзначыўшы, што паэзія А. Куляшова ўвайшла ў залаты фонд нацыянальнай літаратуры ХХ стагоддзя, для многіх пакаленняў беларусаў стала духоўным набыткам, спадарожніцай жыцця.

Падчас імпрэзы гучалі вядомыя песні на вершы А. Куляшова, а студэнты дэкламавалі ўрыўкі з паэм і балад паэта.

І ўсе мы, куляшоўцы — выкладчыкі і студэнты — адчуваем сваю далучанасць да велічнай постаці паэта. Мы — як і ён — у няспынным пошуку, педагагічным, навуковым, творчым. І гэтая еднасць з вялікім майстрам слова дапамагае нам пераадольваць прасторавыя і часавыя выпрабаванні, абавязвае не спыняцца на дасягнутым, імкнуцца да новага і нязведанага.


© 2026 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь