21 сакавіка 2022 года Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна сумесна з Магілёўскім абласным аддзяленнем грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» ладзілі ХІ «Пысінскія чытанні». На навукова-практычнай канферэнцыі прысутнічалі і студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта першага курса спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» разам з куратарам Д. А. Карпечкінай.

Падчас канферэнцыі  прагучалі не толькі цікавыя і змястоўныя даклады супрацоўнікаў бібліятэкі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі А. М. Казекі, прысвечаныя апісанню жыццёвага і творчага шляху паэта, але і ўспаміны людзей, што ведалі А. Пысіна асабіста. З вялікай цікавасцю прысутныя слухалі ўспаміны 95-гадовага Віктара Арцем’ева, у пісьменніцкай скарбонцы якога не адзін дзясятак кніг. Ён, а таксама паэт Віктар Кунцэвіч, што адзначаў сваё 65-годдзе, прымалі ў гэты дзень віншаванні з нагоды юбілейных дат. Насычаным і змястоўным было анлайн-выступленне доктара філалагічных навук, паэта, журналіста, кіраўніка аддзела фальклору і літаратуры Калмыцкага навуковага цэнтра Расійскай акадэміі навук Ханінавай Рымы Міхайлаўны,  дачкі франтавога таварыша Аляксея Пысіна Міхаіла Ханінава, вядомага ў часы Вялікай Айчыннай вайны пад імем Міхаіла Чорнага. Напрыканцы мерапрыемства прагучала любімая песня нашага земляка, што яшчэ больш дазволіла ўсім акунуцца ў атмасферу пысінскага светаадчування…

Пасля заканчэння канферэнцыі ўсе першакурснікі, стомленыя, але задаволеныя і напоўненыя каштоўнай інфармацыяй, атрымалі чытацкія білеты УК «Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна».


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь