Родная мова — душа любога народа. Пакуль жыве мова, жыве і народ!

21 лютага ў дзіцячай бібліятэцы імя А. С. Пушкіна і гарадской бібліятэцы імя К. Маркса прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму Дню роднай мовы. Студэнты 2-га і 4-га курсаў гісторыка-філалагічнага факультэта спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» пад кіраўніцтвам куратараў Д. А. Карпечкінай і І. М. Ячмянёвай арганізавалі і правялі імпрэзу «Прамова пра Мову» для навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, сацыяльна-гуманітарнага каледжа, а таксама эканамічнага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа.

Імпрэза распачалася з чытання аўтарскага верша «Мова» Аляксеем Самусевым, студэнтам 4-га курса, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 45 г. Магілёва». Пасля яго выступлення вядучыя В. Лебедзь, П. Пчалова, А. Якаўлеў нагадалі прысутным гісторыю ўзнікнення свята. Вершы беларускіх паэтаў прачыталі студэнты 2-га курса М. Садоўская, Д. Захарына, К. Маркоўская, Г. Бараноўская, В. Фалецкая. Уласны верш «Мая мова» прачытала А. Мытнік, студэнтка 4-га курса.

Не абышлося і без беларускіх загадак, якія з цікавасцю і азартам разгадвалі ўсе прысутныя, змагаючыся за прызы. «А як гучыць па-беларуску „обида“?» — гэтымі словамі пачаўся наступны конкурс «Перакладчыкі». Той, хто пераклаў найбольшую колькасць слоў, атрымаў салодкі падарунак. Вялікае захапленне ўдзельнікаў выклікала інтэрнэт-гульня, прапанаваная студэнткай 2-га курса А. Маскальковай. Яе ўдзельнікі заходзілі праз свае тэлефоны на прапанаваны сайт і выконвалі цікавыя заданні, звязаныя з веданнем гісторыі беларускай мовы і літаратуры. Пераможцы таксама не засталіся без прызоў.

Мерапрыемства завяршылася музычным нумарам у выкананні студэнтаў 4-га курса. Гучаў сусветна вядомы хіт Дэвіда Боўі на беларускай мове.

Упэўнены, што навучэнцы магілёўскіх каледжаў засвоілі асноўнае: калі мы дазволім мове знікнуць, то страцім не толькі мову — мы страцім сябе, страцім мінулае, страцім будучае. З Міжнародным Днём роднай мовы!

Студэнты 4 курса ГФФ,
Аляксей Самусеў і Таццяна Слуцкая


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь