21 лютага ва ўсім свеце святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы. Напярэдадні гэтага свята ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна 20 лютага 2025 года прайшло знакавае мерапрыемства «Размаўляй са мной па-беларуску», арганізатарам якога выступіла бібліятэка. У мерапрыемстве прынялі ўдзел выкладчык кафедры славянскай філалогіі Самсонава Маргарыта Аляксандраўна і студэнты 4 і 1 курсаў гісторыка-філалагічнага факультэта Садоўская Маргарыта, Кармызава Ганна і Казлова Марыя.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі натарыусы Магілёўскай натарыяльнай акругі, члены Савета маладых натарыусаў Беларускай натарыяльнай палаты, работнікі натарыяльных кантор акругі і Магілёўскай абласной натарыяльнай палаты.

Адкрыла мерапрыемства М. А. Самсонава, якая ва ўступным слове павiншавала ўсiх са святам роднай мовы, адзначыла, што для кожнага з нас гэты дзень вельмi важны i асаблiвы, мы павiнны шанаваць i любiць сваю родную мову, бо сапраўдная любоў да сваёй краіны не можа iснаваць без любові да сваёй мовы, таму што родная мова — гэта адначасова i культура, i спадчына народа.

Урачыстае прадстаўленне прэзентацый і эсэ, чытанне вершаў вядомых беларускіх паэтаў і вершаў уласнага сачынення нікога не пакінулі абыякавымі.

З задавальненнем госці і ўдзельнікі мерапрыемства паглядзелі прэзентацыю пра беларускую мову, адгадвалі загадкі і ахвотна адказвалі на пытанні вясёлай віктарыны, якія былі падрыхтаваны бібліятэкарамі. Дзякуючы ўтульнай і сяброўскай абстаноўцы, створанай работнікамі бібліятэкі, мерапрыемства прайшло вельмі цікава і весела.

Галоўнае, каб кожны з нас, беларусаў, усвядомiў, што мова — гэта сапраўды наша багацце!


© 2025 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь