Літаратурная імпрэза, прысвечаная жыццю і творчасці Максіма Багдановіча, прайшла 9 лістапада на гісторыка-філалагічным факультэце МДУ імя А. А. Куляшова. Студэнты і выкладчыкі ўшанавалі памяць класіка беларускай літаратуры.

«Назва мерапрыемства гаваркая: „Усе мы разам ляцім да зор“, — адзначылі мадэратары імпрэзы. — Імя Багдановіча вядомае кожнаму беларусу. У 2016 годзе мы адзначылі 125-годдзе паэта. Уяўляецца важным тое, каб сучасныя маладыя людзі ведалі творчасць знакамітага земляка, цытавалі яго на памяць». Дзеля таго, каб імпрэза была сапраўды цікавай і нават лірычнай, студэнты 5 курса факультэта прадставілі некалькі сцэн з драматычнага спектакля пад назваю «Ля Сіняй Бухты». Герой гэтага спектакля — сам паэт. Аўтары распавялі пра адну з найбольш трагічных старонак жыцця Максіма Багдановіча, які неспадзявана апынуўся сам-насам з небяспечнай хваробай. На вялікі жаль, таленавіты чалавек пайшоў з жыцця дужа рана, праўда, паспеў пакінуць пасля сябе багатую спадчыну Цягам усёй імпрэзы гучалі вершы паэта: «Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць», «Пагоня», «Цеплы вечар, ціхі вецер, свежы стог». «Прачытаныя студэнтамі творы закранулі за жывое, — дзеліцца ўражаннямі студэнтка спецыяльнасці „Журналістыка“ Наталля Юранкова. — Перадусім расчулілі радкі, прысвечаныя каханню. Безумоўна, ужо ў каторы раз уражвае верш „Пагоня“. Для мяне гэты твор — сімвал патрыятызму». Заўважым таксама тое, што студэнтка гісторыка-філалагічнага факультэта Крысціна Цыганкова выканала песню пад назваю «Па-над белым пухам вішняў…». Шмат было сказана пра жыццё паэта — дастаткова складанае і пакручастае. Згадалі арганізатары і вызначальныя артыкулы М. Багдановіча, прысвечаныя літаратуры і культуры нашага народа. «Багдановіч, безумоўна, стаяў ля вытокаў нашай літаратурнай крытыкі, — выказваецца дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Марына Чмарава. — Яго артыкулы і сёння часта цытуюцца, бо ўтрымліваюць у сабе канцэпцыю развіцця інтэлектуальнага і духоднага жыцця беларусаў. Акрамя ўсяго іншага, Багдановіч пакінуў след і як выдатны перакладчык, публіцыст». Нагадаем, што ў МДУ імя А. А. Куляшова ўжо адбылося некалькі мерапрыемстваў, прысвечаных М. Багдановічу. Колькі дзён таму, напрыклад, адкрылася выстава «Грані творчасці». У экспазіцыі — больш за 100 работ, якія так або інакш раскрываюць багацце і шматстайнасць паэзіі класіка айчыннага прыгожага пісьменства.


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь