Беларускія Каляды на гэтым тыдні адсвяткавалі ў МДУ імя А.А.Куляшова

Студэнты і выкладчыкі гісторыка-філалагічнага факультэта адзначылі адно з найбольш любімых традыцыйных свят беларусаў. «Мы імкнуліся да таго, каб захаваць аўтэнтычнасць Калядаў, — распавядае дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Марына Іванаўна Чмарава. — Для нашых продкаў Каляды — гэта магічны перыяд, калі дабро і зло быццам бы знаходзіліся ў раўнавазе. Увесь навакольны свет, зямля, лес, поле, нібыта спалі, схаваўшыся пад таўшчэзнай снежнай коўдрай.

Старажытны беларус, так бы мовіць, імкнуўся дапамагчы зямлі прачнуцца, намагаўся наблізіць вясну і лета. Адсюль паходзяць, напрыклад, абрады „Уваскрашэнне казы“, „Жаніцьба Цярэшкі“ і інш.» Студэнты-першакурснікі (спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура») спявалі, танчылі, віншавалі ўсіх, хто трапляўся ім на дарозе. Канешне, не абышлося без традыцыйных калядных персанажаў — «мядзведзя», «казы», «цыганкі». «Таксама прыемным момантам было тое, што госці свята здолелі пачаставацца каляднымі стравамі — куццёй, селядцом, аладкамі, каўбасамі», — дадае Марына Чмарава. Галоўны вынік мерапрыемства — шчаслівыя ўсмешкі і добры настрой, лічаць удзельнікі калядных урачыстасцей.


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь