Студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта пачаставалі гарбатай больш за 5000 чалавек

У мінулую суботу у Магілёве праходзіў IV фестываль «Дранік-fest». Свята стала ўжо традыцыйным і праводзіцца ў этна-хутары «Зялёны гай». Ва ўсёй Беларусі не зафіксавана ніякага падобнага мерапрыемства, прысвечанага стравы беларускай кухні, таму «Дранік-fest» адзiны.

Кожны год акрамя дэгустацыі дранікаў кулінарныя каманды змагаюцца за «Залатую тарку». Але Магілёўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя А. Куляшова гэта не патрэбна — ён па-за конкурсам. Куляшоўскія студэнты і без таго атрымалі народнае прызнанне і любоў.

Калі яшчэ ўсё падрыхтоўвалася да свята, а гэта у 11 гадзін раніцы, студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта ўжо прыносілі ваду ў вёдрах і растоплівалі палявую кухню, каб гарачы напой быў гатовы да пачатку мерапрыемства. Арганізатары свята прынеслі да нашага стала скрынку з 6000 пластыкавымі кубачкамі.

Чэргі за запаветным кавалачкам драніка выраслі за некалькі хвілін. Але надвор’е шаптала, што ў хуткім часе людзі рушаць у пошуках цёплай гарбаты. Аднак і здзіўленным стала тое, што амаль ніхто з гасцей не ведаў, што такое «гарбата», і таму адной з заклічных фраз стала «Гарбата — гэта чай». У адказ і студэнты ГФФ здзіўлялі гасцей мерапрыемства: «Гарбата за дзякуй!» — «І ўсё?» — здзіўлена перапытвалі магілёўцы. На шчодрасць адказ «дзякуй» па-беларуску быў прынцыповы. Такім чынам студэнты і выкладчыкі распаўсюджвалі родную мову.

Паток людзей, здавалася, не скончыцца. Пераменлівае надвор’е — то сонейка, то дождж — як па дырыжорскай палачцы прыводзіла змоклых гасцей да месца раздачы гарбаты. Нават калі яна заканчвалася па тэхнічным прычынам, жыхары Магілёва аддана чакалі, пакуль закіпіць вада. Былі ў куляшоўскага століка і пастаянныя госці. «Смачная гарбата! З чым гэта? Што вы дадалі ў яе, што хочацца яшчэ і яшчэ?» У сакрэце не трымалі і адказвалі: «З ліпай. З сапраўднай ліпай, збіралі ўручную.» Час ад часу да нас наведваўся і Аляксандр Ільін, саліст беларускай групы Nizkiz.

У канчатку бульбянога свята па падліках пластыкавых кубачкаў студэнты і арганізатары зрабілі выснову: напаілі гарбатай больш за 5000 чалавек.

Наталля Юранкова


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь