«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» Да 130-годдзя з дня выдання зборніка вершаў Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская»
Чарговае пасяджэнне літаратурна-мастацкага салона на гісторыка-філалагічным факультэце адбылося з нагоды ўшанавання 130 угодкаў з дня выдання паэтычнага зборніка Ф. Багушэвіча «Дудка беларуская» (1891). Францішак Багушэвіч — класік беларускай літаратуры, адна з самых прыкметных фігур у айчынным мастацтве слова ХІХ стагоддзя. Гэта першы нацыянальны паэт, паэт-грамадзянін, абвяшчальнік і бацька нацыянальнага адраджэння беларусаў, выразнік сялянскіх інтарэсаў, пісьменнік-рэаліст, аўтар сацыяльна завостраных і актуальных твораў пра беларускую рэчаіснасць. Студэнты абмеркавалі знакамітую прадмову Мацея Бурачка да «Дудкі беларускай», выказалі надзённасць праблем, узнятых у ёй, прадэкламавалі ўсе вершы з легендарнага паэтычнага зборніка, выказаўшы тым самым пашану і падзяку да класіка беларускай літаратуры.