Адным з напрамкаў фарміравання прафесійнага патэнцыялу будучых настаўнікаў літаратуры з’яўляецца абмеркаванне са студэнтамі педагагічнага вопыту, разнастайных методык, праблемных сітуацый, якія выкарыстоўваюцца і ўзнікаюць у працэсе выкладання беларускай літаратуры.

У сувязі з такім напрамкам педагагічнай адукацыі 26 кастрычніка 2022 г. была праведзена метадычная імпрэза, прысвечаная асаблівасцям падрыхтоўкі выхаваўчых мерапрыемстваў па беларускай літаратуры ў 9, 10 і 11 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Мэта дадзенай імпрэзы — дэманстрацыя магчымых метадаў, прыёмаў і форм падрыхтоўкі і здзяйснення выхаваўчай працы па літаратуры. Задачы — сістэматызацыя і рэпрэзентацыя матэрыялаў па арганізацыі выхаваўчых мерапрыемстваў па беларускай літаратуры, праведзеных студэнтамі ў перыяд вытворчай практыкі ў 2022 / 23 навучальным годзе (дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа № 21», метадыст — прафесар кафедры ЛіМК А. М. Макарэвіч). Акрамя гэтай задачы, арганізатары і ўдзельнікі імпрэзы вызначылі і такую: прадэманстраваць студэнтам 3-га курса філалагічнага аддзялення, якія праз некалькі месяцаў пачнуць праходзіць вытворчую практыку, магчымасці здзяйснення выхаваўчай работы па прадмеце ў кантэксце сістэмы перспектыўных ліній. Вектары гэтай сістэмы ў дадзеным выпадку можна акрэсліць наступным чынам: сумесны (настаўніка і вучняў) падбор матэрыялаў для мерапрыемства, яго падрыхтоўка, здзяйсненне, падвядзенне вынікаў, выкарыстанне назапашаных цяперашнімі студэнтамі фактычных і метадычных матэрыялаў у іх будучай прафесійнай дзейнасці.

У пачатку мерапрыемства з уступным словам перад удзельнікамі і гасцямі выступіў А. М. Макарэвіч. Ён акрэсліў сутнасць здзяйснення выхаваўчай працы па беларускай літаратуры ў кантэксце сістэмы перспектыўных ліній: ад філалагічнага аддзялення ГФФ да ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Падрыхтаваныя студэнтамі-практыкантамі матэрыялы былі прадстаўлены ў выглядзе трох прэзентацый, якія дэманстравалі не толькі асаблівасці арганізацыі асобных напрамкаў выхаваўчай працы па прадмеце ў 9, 10 і 11 класах, а і яе вынікаў як для настаўнікаў-практыкантаў, так і для іх вучняў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел выкладчыкі МДУ імя А. А. Куляшова: А. М. Макарэвіч, Т. І. Борбат, Т. В. Масяйчук, а таксама педагог дадатковай адукацыі Л. В. Набовака. Імпрэза атрымалася цікавай, творчай, натхняльнай.

Дадзенае мерапрыемства мае практычную скіраванасць і каштоўнасць. Прапанаваныя студэнтамі-практыкантамі 4 курса матэрыялы па алгарытмах падрыхтоўкі, арганізацыі і здзяйснення выхаваўчай працы па беларускай літаратуры могуць быць выкарыстаны ў будучым у прафесійнай працы ўдзельнікаў гэтай імпрэзы, а таксама пры арганізацыі выхаваўчых мерапрыемстваў на факультэце і ў працэсе выкладання вучэбных дысцыплін «Методыка выкладання беларускай літаратуры» і «Сучасныя педагагічныя тэхналогіі» на філалагічным аддзяленні ГФФ нашага ўніверсітэта.

Студэнтка 4-га курса
філалагічнага аддзялення ГФФ
Вольга Пацэвіч


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь