19–20 сакавіка 2020 г. у Магілёве адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Капыцінскія чытанні – 4», якую сумеснымі намаганнямі арганізавала кафедра археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце канферэнцыя была пераведзена ў завочны фармат.
Усяго на канферэнцыю было даслана — 107 дакладаў, паведамленняў, творчых эсэ (79 з іх прадставілі акадэмічныя даследчыкі, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, супрацоўнікі музеяў, архіваў, краязнаўцы, школьныя настаўнікі, студэнты другой (магістранты) прыступкі вышэйшай адукацыі, а 28 творчых эсэ напісалі навучэнцы школ, ліцэяў, гімназій). У працы канферэнцыі прынялі ўдзел 7 даследчыкаў з Расіі, 2 з Украіны, 1 з Кітая, 1 з Польшчы. Свае работы прадставілі 23 супрацоўнікі ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова».
На пленарнае пасяджэнне былі вынесены даклады:
- рэктара ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова», доктара гістарычных навук, прафесара Д. У. Дука «Спаса-Прэабражэнская царква XII ст. у Полацку: асноўныя вынікі палявых археалагічных даследванняў у 2015–2019 гг.»;
- старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктара гістарычных навук, прафесара, член-карэспандэнта НАН Беларусі І.А. Марзалюка «Археалагічныя знаходкі старажытнарускіх мілітарыяў у Бабруйску і іх гістарычны кантэкст»;
- загадчыка кафедры ўсеагульнай гісторыі ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова», доктара гістарычных навук, прафесара Я. Р. Рыера «З досведу міждысцыплінарных даследаванняў у аграрнай археалогіі Еўропы»;
- сумесны даклад загадчыка аддзела скіфа-сармацкай археалогіі Інстытута археалогіі Расійскай акадэміі навук, кандыдата гістарычных навук, дацэнта А.А. Малышава і дацэнта кафедры археалогіі, гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў Маскоўскага дзяржаўнага абласнога ўніверсітэта кандыдата гістарычных навук, дацэнта А. С. Клемяшова «Паўвостраў Абрау ў познеантычны і ранневізантыйскі час: праблемы этнапалітычнай гісторыі па матэрыялах Верхнегостагаеўскага гарадзішча»;
- дырэктара ўстановы культуры «Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава» У. М. Аненкова «В. Ф. Капыцін і Магілёўскі абласной краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава: асноўныя накірункі супрацоўніцтва»;
- архівіста першай кваліфікацыйнай катэгорыі ўстановы «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» А.І. Швырова «Удзел В. Ф. Капыціна ў дзейнасці Магілёўскага абласнога таварыства помнікаў гісторыі і культуры»;
- дацэнта кафедры гуманітарных дысцыплін установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання», кандыдата гістарычных навук, дацэнта І. А. Пушкіна «Грамадзянскія ініцыятывы і гісторыка-культурная спадчына Магілёўшчыны»;
- прафесара кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова» А. Р. Агеева «Прыярытэты магілёўскай улады і грамадскасці ва ўшанаванні славутых асобаў і падзеяў (1991–2019)».
Праграма канферэнцыі ўключала работу пяці секцый:
- «Актуальныя праблемы археалогіі Беларусі і сумежных тэрыторый» (старшыня — прафесар кафедры ўсеагульнай гісторыі установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова», кандыдат гістарычных навук, дацэнт А. У. Коласаў).
Тэматыка дакладаў, заяўленых на секцыю была дастаткова разнастайная і прэзентуе вынікі даследаванняў у шырокім храналагічным дыяпазоне — ад каменнага веку да позняга сярэднявечча і ранняга этапу Новага часу ўключна. У прыватнасці, разгляду матэрыялаў неалітычных помнікаў асобных рэгіёнаў Магілёўскай вобласці прысвечаны даклады А. У. Коласава і С. П. Лістапада. Пытанні вывучэння керамічных матэрыялаў зарубінецкай культуры Верхняга Падняпроўя адлюстраваны ў тэме дакладу М. В. Ткачовай.
Вялікі блок складаюць даклады, прысвечаныя праблемам археалогіі эпохі сярэднявечча і ранняга этапу Новага часу ў Магілёўскім Падняпроўі і сумежных з ім рэгіёнаў на прыкладзе вывучэння, апісання, інтэрпрэтацыі знакаў Рурыкавічаў (А. М. Аўласовіч), старажытнарускіх упрыгожванняў X–XII стст. (Е. В. Кузіна), тканкавых адбіткаў на карнізных і печкавых кафлях з Мсціслава (К. П. Шуткова, А. Лукаш). Вынікі палявых археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Шклоўскага раёна у 2019 г. падведзены ў дакладзе І. В. Цярэнцьева. Новыя дадзеныя, атрыманыя ў выніку вывучэння крэмацыі могільніка крэмень, адлюстраваны ў працы навуковага супрацоўніка Каломенскага археалагічнага цэнтра В. П. Гусевай.
Шэраг публікацый накіраваны на асвятленне праблем гістарыяграфіі археалогіі X–XVIII стст. Бярэзінскага басейна (В. В. Бялоў) і радзімічскіх старажытнасцяў у савецкі перыяд (А. А. Радовская). Новаму накірунку беларускай навукі — архівальнай археалогіі прысвечаны даклад доктара гістарычных навук, прафесара А. Г. Калечыц. Даследаванне падрыхтавана на аснове вывучэння архіва К. М. Палікарповіча. - «Актуальныя праблемы гісторыі, гістарыяграфіі Беларусі і сумежных тэрыторый» (старшыня — загадчык кафедры гісторыі Беларусі і ўсходніх славян установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова», кандыдат гістарычных навук, дацэнт А .С. Мельнікава).
У рамках секцыі былі прадстаўлены 23 даклады ўдзельнікаў канферэнцыі з Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Спектр навуковых праблем, закранутых у дакладах, вельмі шырокі. Ён уключаў у сябе розныя аспекты палітычнай (Е. І. Галавач, А. А. Касенка, А. С. Мельнікава, Я. А. Рыер), канфесійнай (В. В. Васіленка, В. В. Табуноў, А. А. Кандрацьева, В. А. Макоўская), этнічнай (П. Ф. Дзмітрачкоў), сацыяльнай (С. А. Донцова, А. А. Казлоў, А. Г. Крыцук, Т. У. Апіёк, А. А. Субоцін) і ваеннай (А. А. Вараб'ёў, Я. В. Маразевіч, Л. А. Сугака) гісторыі беларускіх зямель і сумежных тэрыторый у розныя перыяды іх развіцця. Шэраг дакладаў быў прысвечаны пытанням гістарыяграфіі айчыннай і расійскай гісторыі (І. В. Краўчанка, Л. В. Нікалаева, навуковы супрацоўнік цэнтра НАН Беларусі А. М. Сімончык, Л. Н. Соза, А. В. Хаванскі). - «Музейная справа, краязнаўства, крыніцазнаўства і метадалогія вывучэння гісторыі Беларусі і сумежных тэрыторый. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны. Міждысцыплінарныя напрамкі ў даследаванні гісторыі грамадства» (старшыня — прафесар кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова», кандыдат гістарычных навук, дацэнт А. Р. Агееў).
У дакладах на секцыі падымаліся разнастайныя міждысцыплінарныя праблемныя пытанні краязнаўства рэгіёна, нацыянальнай і старажытнай гісторыі ад асаблівасцяў рэлігійных будынкаў (Г. М. Бяляева) і традыцыйных спосабаў лекавання (І. У. Гапеева), работы паштовых станцый (Т. А. Голуб), гандлю лесам і лесаматэрыяламі (С. А. Шыдлоўскі) да праблем інфармацыйнай працы ў працоўных калектывах (В. Д. Выбарны), сучаснага культурнага валанцёрства студэнтаў (Н. М. Ганчарова) і краязнаўчай працы ў школе (Н. М. Самалазава, Н. В. Сімакова).
Знайшлі адлюстраванне праблемы і пытанні арганізацыі музейнай справы: арганізацыі археалагічных экспедыцый нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь (В. М. Тарасевіч), атрыбуцыі музейных прадметаў — пярсцёнка са збораў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (В. М. Васільеў, Д. М. Сяліцкая), арганізацыі работы Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея (М. Д. Ткачёва), школьных музеяў Магілёўскай вобласці (Р. Ч. Венцкевіч, Т. Л. Раманава), у тым ліку суадносін традыцыйных і інавацыйных форм адукацыйнай работы (Ю. А. Хадускіна).
Асобна трэба вылучыць разважанні выкладчыка кафедры паліталогіі філасофскага факультэта Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі В. М. Мельніка аб рэгіянальнай прававой палітыцы Усходняй Рымскай імперыі ў правінцыі Італія ў 535–541 гг. - «Праблемы выкладання гісторыі і грамадазнаўчых дысцыплін у сярэдняй і вышэйшай школе» (старшыня — дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова», кандыдат гістарычных навук, дацэнт. М. І. Мацюшэўская).
У працы секцыі прынялі ўдзел: выкладчыкі вышэйшай школы (В. С. Глінка, (Брэсцкі дзярж. ун-т імя А. С. Пушкіна), А. П. Грыцэнка (Глухаўскі нац. Пед. Ун-т імя А. Даўжэнка), М. І. Мацюшэўская (МДУ імя А. А. Куляшова); настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства сярэдніх школ г. Магілёва (Н. Е. Грызан, А. У. Галіноўскі, С. І. Жураўкоў, Н. У. Кулікова, Т. М. Самарцева) і г. Чавусы (М. М. Дударева); намеснікі дырэктараў па вучэбнай рабоце сярэдніх школ г. Бабруйска (В. У. Шарапаў) і г.п. Хоцімск (К. М. Хвораст), а таксама студэнты Бранскага дзяржаўнага ўніверсітэта (А. Ф. Шаболтай у суаўтарстве з выкладчыкам Т. А. Мішчанка; О. А. Чыгірынава), аспіранты (Т. О. Сталовіч (БДПУ імя М. Танка); Г. В. Свентухоўская (РІВШ)).
Выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў завочна абмеркавалі праблемы выкладання гісторыі грамадазнаўчых дысцыплін у зменлівых умовах ХХІ стагоддзя. Асаблівую ўвагу спецыялісты ў сваіх дакладах удзялілі пытанням фарміравання вучэбна-пазнавальных кампетэнцый вучняў. Былі дасланы даклады пра медыятэкст, як сродак рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу, фарміраванне камунікатыўных кампетэнцый навучэнцаў, гістарычны квэст, як спосаб развіцця мэтапредметных кампетэнцый і г.д.
Магчымасці сучасных сродкаў навучання: мультымедыйных навучальных дапаможнікаў (А. П. Грыцэнка), сайтаў школ (А. У. Галіноўскі, С. І.Жураўкоў), электронных Вучэбна-метадычных комплексаў (М. І. Мацюшэўская) як заўжды заставаліся ў цэнтры ўвагі. - «Году Малой Радзімы прысвечаецца… Прэзентацыя творчых эссе навучэнцаў школ, ліцэеў, гімназій» (старшыня — начальнік адзела рэалізацыі праграм даўніверсітэцкай адукацыі і прафарыентацыі ІПКіП установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова» А. В. Бірукоў).
Вялікую актыўнасць выявілі навучэнцы школ, ліцэяў, гімназій, якія даслалі 28 творчых эсэ, якія былі прысвечаны Году Малой Радзімы. Многія з іх тым ці іншым чынам адлюстроўвалі ваенныя падзеі і жыццё мірнага насельніцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны. Частка першых літаратурна-краязнаўчых твораў маладых даследчыкаў была рэкамендавана да публікацыі.
20 сакавіка адбылося падвядзенне вынікаў работы, былі абмеркаваны прапановы, якія былі сфармуляваны ў тэкстах дасланых дакладаў, прынята рэзалюцыя канферэнцыі. Удзельнікі канферэнцыі выказаліся ў падтрымку неабходнасці больш поўнага выканання палажэнняў па ахове помнікаў археалогіі і архітэктуры, а таксама прапанавалі арганізаваць «Копытинские чытання – 5» ў 2021 годзе.
Зборнік матэрыялаў канферэнцыі ў бліжэйшы час будзе здадзены ў друк.