Прафесар кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Агееў прыняў чынны ўдзел у арганізацыі 20–21 чэрвеня 2019 г. Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць». Ён уваходзіў у склад арганізацыйнага камітэта і кіраваў навуковай секцыяй «Асаблівасці духоўнай і матэрыяльнай культуры рэгіёна», а таксама выступіў з дакладам: «Унёсак студэнтаў і выкладчыкаў гістарычнага факультэта МДУ імя А. А. Куляшова ў фарміраванне фондавых калекцый Музея гісторыі Магілёва».

У дакладзе былі паказаны вынікі шматгадовага супрацоўніцтва музея гісторыі Магілёва і гісторыка-філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова па фарміраванню фондавых калекцый музея. Дакладчык распавёў, як студэнты знаходзілі музейныя прадметы падчас правядзення летніх палявых практык і шляхам выканання пошукавых вучэбных праектаў. Усяго Аляксандрам Агеевым і студэнтамі быў сабраны, а затым перададзены ў музей гісторыі Магілёва 841 прадмет.

Збіральніцкая дзейнасць студэнтаў і выкладчыкаў кафедры паказала, што да яе можна далучаць самых звычайных грамадзян нашай краіны, у тым ліку навучэнцаў і студэнтаў, што дзякуючы ёй у першую чаргу назапашваюцца прадметы масавага карыстання і штодзённага ўжывання, але пры гэтым могуць нечакана трапляцца і вельмі каштоўныя экспанаты. Такая дзейнасць выхоўвае ў маладога пакалення паважлівае стаўленне да матэрыяльнай і духоўнай спадчыны, спрыяе яе ахове і назапашванню, фарміруе ў грамадзян навыкі супрацоўніцтва з музеямі краіны.

Адзначаны былі ў дакладзе і найбольш значныя калекцыі і музейныя прадметы, якія папоўнілі фонды музея гісторыі Магілёва.

Асаблівай удачай стала знаходка ў 1999 г. фарфоравага фабрычнага блюда (32,7х3 см) к. ХІХ – пач. ХХ стст. з клеймамі «Германія», «По заказу Торг. Дома Кунстъ и Альберсъ». Нічым не адметнае ў антыкварным сэнсе, яно да таго ж было пабіта і складаецца з чатырох частак, якія былі склеены і замацаваны 17-ю металічнымі скобамі, што выклікала пытанні ў мэтазгоднасці такіх работ. Дадатковае апытанне перадатчыка выявіла, што нявеста на вяселлі ў адпаведнасці з традыцыяй наўмысна разбівала блюда, а гаспадар яго аднаўляў і захоўваў. Блюда з’яўлялася сямейным абярэгам і сімвалізавала трываласць сям’і, у якой могуць быць спрэчкі, сваркі ці нават бойкі, але сям’я павінна захоўвацца нягледзячы на ўсе выпрабаванні.

У 2014 г. была перададзена адна, але надзвычай важная знаходка. Падчас штогадовай валанцёрскай акцыі «Зберажом Палыкавіцкую крыніцу» студэнтаў гістарычнага факультэта па ачысткі тэрыторыі ў ахоўнай зоне крыніцы ад смецця старшыня праваслаўнага «Прыходу Вялікапакутніцы Параскевы» Аляксандр Белавусаў у знак падзякі пачаставаў студэнтаў і выкладчыкаў бярозавым сокам і паказаў «жалязяку», знойдзеную ў пяску, які быў намыты з рэчышча Дняпра. Прадмет быў перададзены Аляксандру Агееву, а затым ідэнтыфікаваны археолагам Ігарам Марзалюком як каштоўная сякера (19х11 см) канца Х–ХІІ стст. з рэшткай аўтэнтычнага дубовага дрэўка (11 см).


Кафедра археологии, истории Беларуси и специальных исторических дисциплин

© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь