З 19 лютага па 23 лютага на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Гімназія № 2 г. Магілёва» праходзіў тыдзень роднай мовы «Сэрцам роднага слова краніся», арганізаваны студэнтамі-практыкантамі МДУ імя А. А. Куляшова спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» Лебедзь Валерыяй і Гралько Янінай. На працягу тыдня з вучнямі ўсіх узростаў праводзіліся розныя займальныя і пазнавальныя мерапрыемствы, якія прадугледжвалі выхаванне ў вучняў паважлівага і адказнага стаўлення да гісторыі беларускага народа, фарміраванне непарыўнай сувязі гісторыі і сучаснасці.

19 лютага гімназія ператварылася ў літаратурную гасцёўню: была арганізавана выстава, прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння Аркадзя Куляшова, усе паверхі вучэбнай установы ўпрыгожылі тэматычнымі экспазіцыямі.

Наступны дзень прайшоў пад лозунгам «Мастацтва — вось што будучыня!». Вучні актыўна дапамагалі і самі з задавальненнем удзельнічалі ў правядзенні творчай выставы тэматычных малюнкаў.

21 лютага вучні гімназіі ў суправаджэнні педагогаў наведалі этнаграфічны музей Магілёва, дзе дакрануліся да культуры роднага краю, змаглі адчуць атмасферу беларускай даўніны. Яшчэ больш яркіх фарбаў у атмасферу гэтага дня дадалі песні беларускіх выканаўцаў, што гучалі на кожным перапынку. І настаўнікі, і вучні, і наведвальнікі ўстановы яшчэ раз пераканаліся, што наша мова пявучая і мілагучная, здольная закрануць самыя тонкія струны чалавечай душы і адгукнуцца ў кожным сэрцы.

22 лютага праходзіла акцыя «Адгадай загадку — атрымай дзясятку», у якой вучні розных класаў прымалі самы актыўны ўдзел, дэманстравалі сваё веданне роднай мовы і з задавальненнем атрымлівалі выдатныя адзнакі.

Дзень 23 лютага стаў завяршэннем тыдня і быў прысвечаны падвядзенню вынікаў усіх конкурсаў. Для гімназістаў была праведзена гульня-віктарына «Мая чароўная Беларусь», пераможцы і ўдзельнікі якой атрымалі не толькі прыемныя эмоцыі, але салодкія падарункі.

На працягу ўсяго тыдня праводзілася акцыя «Паштоўка для сяброў»: усе жадаючыя маглі напісаць ліст сваім знаёмым і сябрам з пажаданнямі па-беларуску.

Такім чынам, усе праведзеныя мерапрыемствы сталі добрымі і карыснымі для выхавання пачуцця патрыятызму і любові да роднай мовы, адданасці культурнай спадчыне нашай сінявокай Беларусі.

Метадыст Д. А. Карпечкіна


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь