02.11.2023 на гісторыка-філалагічным факультэце адбылася метадычная імпрэза «Ад планавання да здзяйснення: вынікі арганізацыі і правядзення выхаваўчай працы па беларускай літаратуры ў час педагагічнай практыкі».

Дадзенае мерапрыемства падрыхтавана студэнтамі-практыкантамі чацвёртага курса філалагічнага аддзялення пад кіраўніцтвам прафесара кафедры славянскай філалогіі А. М. Макарэвіча. Падрыхтоўка імпрэзы здзяйснялася ў межах вучэбнай дысцыпліны «Методыка выкладання беларускай літаратуры», а таксама ў адпаведнасці з праграмай выхаваўчай працы па беларускай літаратуры, распрацаванай для педагагічнай практыкі. Удзел у імпрэзе прынялі студэнты трэцяга і чацвёртага курсаў беларускага аддзялення, а таксама дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта М. І. Мацюшэўская, намеснік дэкана Т. І. Борбат, загадчык кафедры славянскай філалогіі К. І. Сердзюкова, дацэнты Д. А. Карпечкіна, М. І. Чмарава, І. М. Ячмянёва.

Мэта дадзенага мерапрыемства — тэарэтычная і практычная рэпрэзентацыя методыкі падрыхтоўкі, практычнай арганізацыі, правядзення, а таксама падсумавання вынікаў пазакласных выхаваўчых мерапрыемстваў па беларускай літаратуры ў кантэксце сістэмы перспектыўных ліній ў выхаваўчым працэсе.

У пачатку імпрэзы прафесар А. М. Макарэвіч коратка ахарактарызаваў трывалую традыцыю, якая склалася на кафедры славянскай філалогіі: здзяйсненне выхаваўчага працэсу ў цеснай сувязі з вывучэннем такіх дысцыплін, як гісторыя беларускай літаратуры і методыка выкладання беларускай літаратуры па сістэме адукацыйных і выхаваўчых перспектыўных ліній.

Пасля гэтага студэнты, якія праходзілі педагагічную практыку ў СШ № 21 г. Магілёва, прапанавалі падрыхтаваныя імі прэзентацыі па выніках здзяйснення плана выхаваўчай працы па беларускай літаратуры. Яны акрэслілі тэарэтычны аспект дадзенага напрамку выхаваўчай працы ў школе, прапанавалі метадычныя парады для студэнтаў трэцяга курса — будучых практыкантаў, а таксама (і гэта галоўнае!) падзяліліся ўласным вопытам арганізацыі пазакласнай працы па прадмеце, які яны набылі падчас педагагічнай практыкі ў школе.

Заключнай часткай дадзенага мерапрыемства было выступленне метадыста — А. М. Макарэвіча, які вызначыў каштоўнасць прапанаваных аўтарамі метадычных прэзентацый тэарэтычных палажэнняў, практычных назіранняў, а галоўнае — хоць і невялікага, аднак значнага для будучай іх прафесійнай дзейнасці вопыту выхаваўчай працы.


© 2024 Историко-филологический факультет
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь