2 чэрвеня студэнты-філолагі першага курса гісторыка-філалагічнага факультэта пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры літаратуры і межкультурных камунікацый М. І. Чмаравай у межах вывучэння гісторыі беларускай літаратуры XVII–XVIII стагоддзя правялі літаратурна-музычную імпрэзу, прысвечаную творчасці першай жанчыны-паэтэсы і драматурга на тэрыторыі Польшчы і Беларусі Францішкі Уршулі Радзівіл.
Дачка кракаўскага кашталяна Януша Антонія Карыбута Вішнявецкага і Тэафілі з Ляшчынскіх ва ўзросце дваццаці гадоў выйшла замуж за князя Міхала Казіміра Радзівіла, званага «Рыбанькам», і пераехала ў Нясвіж, дзе правяла большую частку свайго жыцця.
Княгіня Францішка Радзівіл стала ініцыятаркай аднаўлення нясвіжскай друкарні і ўпарадкавання княскай бібліятэкі, якая значна пашырылася пры яе жыцці. Энергічная, добра адукаваная гаспадыня Нясвіжа займалася гаспадаркай, ладзіла разнастайныя культурныя імпрэзы, знаходзіла час для творчасці, пакінула пасля сябе багатую літаратурную спадчыну на польскай і французскай мовах: празаічныя і паэтычныя лісты, прынагодныя, сатырычныя, рэлігійныя і любоўныя вершы, загадкі, драматычныя творы і нават маральна-філасофскія трактаты. Стварыла першы прафесійны тэатр на землях Беларусі, творы для якога княгіня пісала сама.
Тэатральныя імпрэзы ў Нясвіжы былі нечым большым, чым проста тэатрам. Ролі ў спектаклях выконвалі госці, родзічы, запрашаліся кадэты Рыцарскай акадэміі.
Тэатр у Нясвіжы існаваў як лад жыцця, таму і на сцэне адлюстроўвалася жыццё, таксама тэатральнае, ва ўсіх яго праявах.
Студэнты зрабілі экскурс у асноўныя этапы жыцця княгіні, дэкламавалі вершы Францішкі Уршулі Радзівіл, што адлюстроўваюць эпоху і час, у якой жыла пісьменніца, эстэтычныя густы, хрысціянскія ідэалы, а таксама маральна-этычныя каштоўнасці свайго асяроддзя. За два з паловай стагоддзі істотна змяніліся звычаі і норавы нашага грамадства, але ранейшымі засталіся Божыя запаветы, таму ў перспектыве вечнасці маральна-дыдактычныя вершы княгіні Францішкі зусім не страцілі сваёй актуальнасці. На імпрэзе гучала фартэпіянная музыка у выкананні студэнткі Марыі Сідаровіч.